Галоўная > Тон 1 > Пятніца (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)
Пятніца (Тон 1) (Вячэрня, Ютрань)10 чэрвеня 2010. |
|
ЧАЦЬВЕР УВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Калі Ты, Хрысьце, на крыжы распасьцёр рукі Твае, Ты паклікаў да сябе тых, што былі далёка, і даў ім месца побач з сабою. Дык малюся Табе, прымі мяне, палоненага благімі нахіламі, дай мне жаль за грахі і ачысьці нечысьць пажадлівасьцяў. Ты, чалавекалюбны Хрысьце, распасьцёр на дрэве чыстыя рукі Твае з акрываўленымі пальцамі, каб выбавіць творы боскіх рук Тваіх, што знаходзіліся ў палоне з-за праступку Адама, якога Ты, Усемагутны, узьняў сілаю Тваёю. Ты, Збавіцелю, цярпеў за нас мукі, хоць, як Бог, Ты прыродна нязьменны і непадуладны цярпеньням. Бязгрэшны, Ты, спрадвечны Хрысьце, быў расьпяты са злачынцамі. Сонца памеркла, бо не змагло цярпець такога зьдзеку, а зямля захісталася, пазнаўшы ў Табе Творцу сьвету. Крыжабагародзічны. "Калі Ты, салодкае Дзіця маё, пакаштаваў жоўці і быў узьнесены на дрэве, Ты зрабіў салодкім горкі смак Адамавай стравы. Цяпер, як праведны судзьдзя, зрабі салодкім жыцьцё маё, Уладару, уваскросшы, як усемагутны, пасьля збавенных мукаў Тваіх", – Дзева казала з плачам. Вершапесьні Крыж, пастаўлены на чэрапавым месцы, несьмяротнасьць нам прарасьціў з крыніцы невычэрпнай – боку Збавіцеля. Пачэсны Крыж Збавіцеля – непарушная сьцяна для нас усіх, бо, спадзеючыся на яго, атрымліваем збаўленьне. Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, Хрысьце, даруй супакой Твой усім нам і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры і міласэрны. Крыжабагародзічны. Калі Дзева ўбачыла Тваю неправедную сьмерць, Хрысьце, Яна з плачам усклікнула: "Дзіця маё наймілейшае, як гэта Ты несправядліва церпіш, як на дрэве вісіш Ты, што зямлю на водах павесіў? Малюся Табе, Дабрадзею шматміласэрны, не пакінь адзінокаю мяне, Маці і слугу Тваю".
ПЯТНІЦА РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, мучыцель згінуў і ўся сіла варожая была пераможаная, бо не Ягнё і не чалавек, але Ты сам, Госпадзе, збавіў нас. Слава Табе! Верш. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты. Пакланяемся дрэву Крыжа Твайго, Чалавекалюбча, на якім ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты, і рай адчыніў, Збавіцелю, разбойніку, які з вераю прыйшоў да Цябе і даў страву, таму хто вызнаў цябе: "Успомні мяне, Госпадзе!" Прымі як яго і нас, якія клічам: "Зграшылі мы ўсе, але Ты ў міласэрнасьці Тваёй не пагардзі намі!" Слава... цяпер... Калі бязьвінная Авечка ўбачыла павешанага на дрэве памёрлага Ягнё і Пастыра, Яна з плачам па-матчынаму загаласіла: "Сыне мой, як мне зразумець Тваю невыказную спагадлівасьць і дабравольныя цярпеньні, усядобры Божа?"
Сядальная песьня 2. Некалі дабравернаму цару Канстантыну, дзеля ягонай веры, явіўся Крыж як непераможная зброя ў барацьбе з праціўнікамі. Перад ім дрыжаць варожыя сілы, бо ён – збаўленьне верных і пахвала Паўла. Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі. Ты, Шчодры, што з пылу стварыў некалі Адама, быў біты тленнаю рукою і цярпеў расьпяцьце, зьнявагі і раны. Вялікі цуд Тваёй доўгацярплівасьці! Слава Тваім жыцьцядайным пакутам, якімі Ты збавіў нас! Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля. Усяхвальныя мучанікі апрануліся ў Цябе, Госпадзе: Ты быў іхняй хвалой у іхніх цярпеньнях, іхнім вянцом і ўзнагародаю. Цярпеньнем у муках яны перамаглі беззаконных; і сілаю Божаю атрымалі дапамогу з неба. Малітвамі іх, Божа, вызваль нас ад нябачных ворагаў і збаў нас. Слава... цяпер... Калі беззаганная Маці ўбачыла Цябе мёртвага на Крыжы, Яна ўсклікнула: "Сыне мой, спрадвечны Айцу і Духу! Невыказная Твая спагадлівасьць, якою Ты, Шчодры, збавіў творы рук Тваіх. Вершапесьні Няспынна славім у песьнях Цябе, як нашага Збавіцеля і Ўладара, што на крыжы быў прыбіты целам і дараваў нам жыцьцё. Крыжом Тваім, Хрысьце, стаўся адзін статак анёлаў і людзей, і неба і зямля аднадушна цешыцца і ўсклікае: Госпадзе, слава Табе. Прыйдзіце, усе людзі, усхвалім у песьнях і гімнах духоўных Хрыстовых мучанікаў, сьветачы сусьветныя і прапаведнікаў веры, невычэрпныя крыніцы, з якіх цякуць для верных ацаленьні. Малітвамі іх, Хрысьце Божа наш, дай супакой Твайму сьвету і душам нашым веліч зьмілаваньня Твайго. Слава... цяпер... Калі Авечка і ўсебеззаганная Ўладарка ўбачыла на крыжы Ягнё бяз віду і красы, з плачам усклікнула: "Гора мне, дзе падзелася краса Твая, Салодкае дзіця; дзе веліч, дзе сьветласьць аблічча Твайго, Сыне мой наймілейшы? Вярнуцца назад |