Галоўная > Мінэя - Ліпень > 25 ліпеня - Усьпеньне сьвятой Ганны

25 ліпеня - Усьпеньне сьвятой Ганны


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Зьбярогшы дасканала збавенныя законы, і паслужыўшы беззаганна Богу, ты, Ганна, сталася дастойнаю быць маці Найчыстае Дзевы, якая нарадзіла ў целе Хрыста. З ёю разам славім цябе і з радасным сэрцам сьвяткуем тваё сьвятое ўсьпеньне.

Нарадзіўшы Палату Жыцьця, ты, Багамудрая Ганна, пераставілася да нятленнага жыцьця, далучыўшыся да хораў праведнікаў, што цешацца поўняю Боскай радасьці. Дзеля гэтага сёньня набожна сьвяткуем тваё, вечнапамятная, усьпеньне і з вераю славім цябе.

Нарадзіўшы Браму нябесную, ты, Багамудрая Ганна, у славе ўвайшла да нябеснай сялібы, і цешышся ў асалоду Божай славаю: малітвамі тваімі зрабі і нас дастойнымі яе, адганяючы цемру пажаданьняў і туман лютых бедаў разьвяваючы.

(Тон 1). Дзіўны цуд! Сёньня настала сьветлая ўрачыстасьць, сонечны дзень, радасьць усяму сьвету – пачэснае і пахвалы годнае ўсьпеньне блаславёнае Ганны, ад якое нарадзілася Маці Жыцьця, духоўная Скарбніца, што зьмясьціла ў сабе незьмяшчальнае Слова, Вызваленьне ад суму, Хадайніца радасьці, якая дае ўсім багацьце зьмілаваня.

Слаўны цуд! Тая, што нарадзіла Крыніцу жыцьця, Адзіную чыстую і блаславёную сярод жанчынаў, Ганна блаславёная, сёньня пераходзіць ад жыцьця дачаснага да вечнага, будучы ўзятай ад зямлі на неба, каб там прабываць у радасьці разам з анёлаў хорамі. I мы сьвяткуем сёньня радасна яе ўрачыстасьць.

Сёньня сьветлая ўрачыстасьць настала для ўсіх верных, бо мы, натхнёныя Божым Духам, сьвяткуем тваё, пахвалы годная Ганна, пачэснае ўсьпеньне; прыйшла да нас ласка аздараўленьняў, што адганяе злых духаў і прасьвятляе розум сьвятлом усіх, хто з вераю славіць тваё слаўнае перастаўленьне.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 8). Ад няплоднай пары, сьвятых Якіма і Ганны, вырасла сьвятая галінка, Бязьвіная Багародзіца, ад якое зазьзяла сьвету Збаўленьне – Хрыстос Бог. Пераставіўшыся да нябесных сялібаў, вы разам з вашай дачкою, Найсьвятою Дзевай Марыяй, і з анёламі радуецеся і моліцеся за ўвесь сьвет. Дзеля гэтага і мы славім вас у песьнях і просім шчыра: "Стаўшыся прабацькамі Хрыстовымі дзеля Багародзіцы, маліцеся за душы нашы".


Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, духоўная ластаўка, што, пражыўшы чыста і дабрадзейна, абвясьціла нам вясну ласкі, скарбніцу дзявоцтва, стаўшыся маці адзінай бязьвіннай Багародзіцы, якая нарадзіла словам Слова, Ягнё, што ўзяло на сябе грахі сьвету – Хрыста Бога, які і перасяліў цябе, усехвальная Ганна, ад зямлі. Малі Яго сёньня дараваць нам багацьце зьмілаваньня.

Верш. Радуйцеся, праведнкі, ў Госпадзе: хвала пасуе праведным.

Радуйся, Богу мілая пачэсная пара, упрыгожаная сьвятасьцю Закону, што ласкаю Божаю падаравала нам Маці Хрыста, Начальніка жыцьця нашага: Якіме слаўны і Ганна блаславёная, два сьветачы, якія далі сьвету Сьвячу ласкі – Багародзіцу Дзеву. З ёю разам маліцеся, каб атрымаць душам нашым багацьце зьмілаваньня.

Верш. Шчасьлівыя ўсе, што баяцца Госпада і ходзяць па Ягоным шляху.

Радуйся, блаславёная зямля, якая выдала сьвету зямлю, што ўзрасьціла нам Бога. Зрабіўшы закон Божы правілам жыцьця твайго, ты здабыла ласку ўсім, разарваўшы бяздзетнасьці путы; у сьмерці ты знайшла нятленнасьць, пераставіўшыся да непрамінальнага сьвятла, Ганна блаславёная, прамаці Хрыста Бога, маці Багародзіцы – сьветланоснага Сьветача. З ёю разам выпрасі багацьце зьмілаваньня душам нашым.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 8). Прыйдзіце, верныя, у песьнях уславім Багамудрую Ганну, якая нарадзіла Чыстую Дзеву – Гару Божую, і сёньня адышла да нябесных сялібаў. Усклікнем ёй усе: "Блаславёнае ўлоньне тваё, якое насіла тую, што зьмясьціла ў сабе Сьвятло сьвету; блаславёныя грудзі твае, што кармілі тую, якая ўзрасьціла Хрыста – спажыву нашага жыцьця. Малі Яго выбавіць нас ад усякага суму і варожых напасьцяў і збавіць душы нашы".


Адпушчальны трапар

(Тон 4). Ты, Ганна багамудрая, насіла ва ўлоньні тваім Усячыстую Маці Божую, якая нарадзіла Жыцьцё; дзеля гэтага ты сёньня ў славе перайшла да нябеснага жыльля, атрымаўшы ў спадчыне ўдзел з усімі, якія вечна прабываюць у радасьці, просячы адпушчэньня грахоў для тых, што з любоўю шануюць цябе, вечна блаславёная.


Літургія


Трапары:

Трапар (тон 4). Ты, Ганна багамудрая, насіла ва ўлоньні тваім Усячыстую Маці Божую, якая нарадзіла Жыцьцё; дзеля гэтага ты сёньня ў славе перайшла да нябеснага жыльля, атрымаўшы ў спадчыне ўдзел з усімі, якія вечна прабываюць у радасьці, просячы адпушчэньня грахоў для тых, што з любоўю шануюць цябе, вечна блаславёная.

Кандак (тон 2). Сьвяткуючы памяць прабацькоў Хрыстовых, просім даверліва іхняй помачы, каб выбавіцца ад усякага суму ўсім, якія клічуць: "Божа, які ў дабраце Тваёй захацеў праславіць іх, будзь з намі заўсёды".


Пракімен (Пс 67:36,27). Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.

Верш. На зборах вашых блаславіце Госпада, усе нашчадкі Ізраіля.


Апостал: Гал 4:22-27.


Алілуя (Пс 39:2; 33:20). Спадзяваўся я на Госпада, спадзяваўся цьвёрда, і Ён, схіліўшыся нада мною, пачуў кліч мой.

Верш. Шмат бедаў прыйшлося зазнаць праведніку, і ад усіх іх выбавіў яго Госпад.

Евангельле: Лк 8:16-21.



Вярнуцца назад