Галоўная > Мінэя - Чэрвень > 30 чэрвеня - сабор сьв. 12 апосталаў
30 чэрвеня - сабор сьв. 12 апосталаў12 сакавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": спачатку песьні апосталаў: (Тон 2). Якімі пахвальнымі вянкамі ўшануем Пятра і Паўла, разьдзеленых целам і зьяднаных духам, першых сярод богапрапаведнікаў: аднаго, як старшыню апосталаў, другога, як таго, што больш за іншых працаваў. Іх сапраўды дастойна вянчае несьмяротнай славаю Хрыстос Бог у вялікай міласэрнасьці сваёй. Якімі велічнымі песьнямі ўславім Пятра і Паўла — богаразумныя крылы, што ўвесь сьвет абляцелі і да неба ўзьняліся; рукі ласкі евангельскай, ногі праўдзівага прапаведаваньня, рэкі мудрасьці; два плячы крыжа, якімі дэманаў перамог Хрыстос Бог у вялікай міласэрнасьці сваёй. Якімі духоўнымі песьнямі ўсхвалім Пятра і Паўла, што замкнулі крыклівыя вусны нязбожных? Яны — грозныя мячы духоўныя, краса Рыму сьвятога, карміцелі сусьветныя, боганатхнёныя табліцы Новага Запавету, што Хрыстос устанавіў у Сыёне ў вялікай міласэрнасьці сваёй. і далей наступныя: (Тон 4). Шчасьлівыя вы, пачэсныя вучні, бо вы былі сьведкамі Слова, што аб'явілася ў целе. Як бліскучыя маланкі, вы паказаліся сьвету, і быццам духоўныя горы, струменіце слодыч. Разьдзеленыя, быццам райскія рэкі, поіце цэрквы ўсіх народаў боскімі водамі. Быццам сьветлыя маланкі, вы былі пасланыя ў сьвет, каб прынесьці духоўнае сьвятло. Слугі тайнаў Хрыстовых, вы ўславіліся шматлікімі цудамі. Вы — табліцы пісаньняў сьвятых: ласка Божая і закон, якога Бог навучыў, напісаныя ў вас, пачэсныя тайнікі сьвятасьці. Рыбацкімі восьцямі мудрасьць вучоных і струмені пустога красамоўства вы перамаглі, мудрасьці Божай сьветачы, настаўнікі догмаў, евангельскіх тайнаў прапаведнікі. Сёньня вы сталіся ўдзельнікамі нябесных дабротаў і подзівам для анёлаў, і жывеце вечна ў славе. Слава ...: (Тон 6). Пачэснае сьвята сёньня настала для Царквы Хрыстовае, сьвята апосталаў і хадайнікаў нашага збаўленьня. Дык з прасьветленай душою ўсклікнем: Радуйцеся, сьветачы, што ў цемры зьзяеце; радуйцеся, духоўнага Сонца сьветлыя промні; радуйцеся, Пётра і Паўле, Боскай навукі непахісныя асновы, прыяцелі Хрыстовыя, посуды пачэсныя! Прыйдзіце нябачна да нас і зрабіце годнымі духоўных дароў усіх, што ў песьнях славяць вашую памяць. Цяпер ...: Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Вершапесьні (Тон 4). Ты даў пачэсных Тваіх апосталаў, што зазьзялі, быццам духоўныя сьветачы, на хвалу Царкве Тваёй. Дзьве духоўныя зоркі, Пётра і Павал, увесь сьвет асьвяцілі: імі Ты разагнаў цемру заходнюю, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых. Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Ты даў на ўмацаваньне Царкве Тваёй Пятрову трываласьць і Паўлаў розум; поўныя боскай мудрасыді, яны перамаглі спакусы паганаў. Дзеля гэтага, настаўленыя таемна імі, славім Цябе, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых. Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл. Ты даў нам двух апосталаў Тваіх як прыклад навяртаньня грэшнікаў: адзін з іх адрокся ад Цябе ў час небясьпекі, а пасьля пакаяўся; другі супраціўляўся вучэньню Твайму, а пасьля ўверыў. Абодва сталіся першымі сярод прыяцеляў Тваіх, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душ нашых. Слава ...: (Тон 6). Радасная ўрачыстасьць зазьзяла сёньня на ўвесь сьвет, пачэсная памяць мудрых Пятра і Паўла, першых сярод апосталаў. Рым радуецца, сьвяткуе і ў песьнях славіць іх; сьвяткуйма ж і мы, браты, і ўшануйма гэты сьветлы дзень. Усклікнем: "Радуйся, Пётра апостале, шчыры прыяцель Настаўніка твайго, Хрыста Бога нашага! Радуйся, Павал любы, прапаведнік веры і сусьветны настаўнік! Выбраная сьвятая пара, што мае моц вялікую, малі Хрыста Бога нашага за збаўленьне душаў нашых". Цяпер ...: (Тон 6). Багародзіца, Ты — сапраўдная вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душаў нашых.
Адпушчальныя трапары (Тон 4). Першыя сярод апосталаў і сусьветныя настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня. Слава ...: (Тон 8). Па ўсёй зямлі разышлося навучаньне вашае, сьвятыя, бо вы атрымалі Духа ў выглядзе вогненных языкоў, спалілі ідальскую спакусу і сецямі словаў вашых улавілі для веры людзей, што заблудзілі. Таму нябёсы абвяшчаюць вашую славу, і аб учынках вашых расказвае небасхіл; і мы таксама спраўляем вашую памяць і ўсклікаем: "Збаў, Божа, усіх нас малітвамі апосталаў Тваіх!" Цяпер ...: (Тон 8). Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, што нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.
Літургія Трапары: (Тон 4). Першыя сярод апосталаў і сусьветныя настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня. (Тон 8). Па ўсёй зямлі разышлося навучаньне вашае, сьвятыя, бо вы атрымалі Духа ў выглядзе вогненных языкоў, спалілі ідальскую спакусу і сецямі словаў вашых улавілі для веры людзей, што заблудзілі. Таму нябёсы абвяшчаюць вашую славу, і аб учынках вашых расказвае небасхіл; і мы таксама спраўляем вашую памяць і ўсклікаем: "Збаў, Божа, усіх нас малітвамі апосталаў Тваіх!" Кандак (тон 2). Сёньня Камень-Хрыстос услаўляе камень веры — першага з апосталаў, — і разам з ім Паўла і ўвесь дванаццацілікі сабор. Мы ж сьвяткуем іхнюю памяць і славім Таго, хто іх уславіў.
Пракімен (Пс 18:5,2). Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Чытаньне першага лісту Апостала Паўла да Карынціянаў Браты, Бог паставіў нас, апосталаў, апошнімі, быццам засуджаных на сьмерць. Мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы разумныя ў Хрысьце; мы слабыя, вы моцныя; вы ў пашане, а мы ў няславе. Аж да гэтага часу мы церпім голад і смагу, не стае нам вопраткі, зносім пабоі і туляньне, мы занятыя працаю ўласных рук. Бласлаўляем, калі нас зьневажаюць, церпім, калі нас перасьледуюць; молімся, калі нас абмаўляюць. Мы сталіся, быццам сьмецьце гэтага сьвету, як адкіды для ўсіх аж дагэтуль. Не пішу гэта, каб вас засаромець, але каб, як дзяцей маіх любых, наставіць на розум. Бо хоць бы вы мелі тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат бацькоў; я ж вас нарадзіў праз Евангельле ў Хрысьце Ісусе. Дык прашу вас: будзьце маімі пераймальнікамі. (4: 9-16)
Алілуя (Пс 88:6,8). Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю — хоры сьвятых. Верш. Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея У той час Ісус убачыў вялікі натоўп людзей і зьлітаваўся над імі, бо яны былі зьняможаныя і пакінутыя, быццам авечкі, што ня мелі пастуха. Тады сказаў Ён вучням сваім: "Жніво вялікае, але работнікаў мала. Дык прасеце Гаспадара жніва, каб Ён паслаў работнікаў на жніво сваё". Тады паклікаў Ён дванаццаць сваіх вучняў і даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганялі іх і лячылі ўсялякую немач і хворасьць. А вось імёны дванаццацёх апосталаў: першы Сымон, званы Пётрам, і брат ягоны Андрэй; потым Якуб, сын Забэдэя, і Ян, брат яго; Піліп і Баўтрамей, Тамаш і Мацьвей мытнік; Якуб, сын Алфея, і Тадэй; Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які прадаў Яго. Гэтых дванаццаць Ісус паслаў, даючы ім загад: "Не ідзеце да паганаў і не заходзьце да местаў самаранскіх. Ідзеце лепш да авечак дому Ізраіля, што загінулі. Ідзеце і абвяшчайце, што валадарства нябеснае ўжо блізка. Аздараўляйце хворых, уваскрашайце памёрлых, ачышчайце пракажоных, выганяйце духаў. Дарам атрымалі, дарам і давайце. (9:36-10:8)
Прычасьнік. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Вярнуцца назад |