Галоўная > Мінэя - Люты > 10 лютага - сьвятамучаніка Харалампа
10 лютага - сьвятамучаніка Харалампа23 чэрвеня 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 6). Ад юнацтва ты пасьвяціў сябе Госпаду, Яго адзінага жадаў і пайшоў сьледам за Ім. Ачысьціўшы сябе ад усялякай нячыстасьці, ты ўзбагаціў сябе Боскай ласкаю, атрымаў дар ацаляць немачы і рабіць слаўныя цуды. Як мучанік, ты застаўся непахісным сілаю Таго, хто прынёс сябе ў ахвяру на крыжы. Малі Яго цяпер няспынна за душы нашыя. Калі тваё блаславёнае і непераможнае цела было прабітае цьвікамі, ты, пакутніку Харалампе, захаваў непахіснымі душу і розум, і гарэў жаданьнем Боскай любові, што давала табе сілу пераносіць пакуты. Пакутнік слаўны, саўдзельнік мукаў Хрыста, не пераставай маліць Яго за душы нашыя. Ты атрымаў у спадчыну сьветлую радасьць, непрамінальную славу і вечнае шчасьце за цярпеньні свае, сьвятару сьвяты, пачэсны мучаніку, мужны змагару, які патапіў варожыя сілы крывёю сваёю і Боскаю ласкаю і малітваю мёртвых ажыўляў. Маліся цяпер няспынна за душы нашыя. Калі няма Посту, сьпяваюцца таксама песьні мучаніку Нічыпару (з 9 лютага): (Тон 2). Паслухмяны законам Таго, хто дзеля нас на зямлі прыняў цела, і пацярпеўшы мучэньні і пакуты, ты, захаваў сутнае закону і прарокаў – любоў да бліжняга. Таму, скончыўшы беззаганна шлях гэтага жыцьця, ты, Нічыпар Багаблаславёны, знаходзішся цяпер у прысутнасьці Крыніцы любові. Схіліўшы галаву перад Богам, перад якім ўсе згінаюць калені, ты, слаўны мучанік, праз адсячэньне галавы і разлучэньне з гэтым целам, злучыўся чыстым розумам з Галавою ўсіх Хрыстом. Прабываючы цяпер ў Ягоным сьвятле, прасі Яго, Нічыпар, прасьвятліць усіх, што славяць цябе. Струменямі крыві тваёй, пралітай за Хрыста, ты, мудры і блаславёны, асьвяціў зямлю, духам усьцешыў бесьцялесныя духоўныя сілы і мучанікаў мноства прасьвятліў, зьяднаўшыся з імі, як адважны вой і непераможны мучанік, які моліцца Богу за ўсіх нас. Слава ... цяпер ...: Багародзічны (тон 6). Паранены разбойнікамі, ляжу бездапаможны на ростанях жыцьця і прашу міласьці. Адзіная чыстая Дзева Маці, наведай мяне хутка, вылі на мае невылечныя раны віно і алей, і зрабі мяне цэлым, каб мне належна з любоўю славіць веліч Тваю. Або: Крыжабагародзічны (тон 6). Меч, як сказаў Сямён, прабіў сэрца Тваё, Усячыстая Уладарка, калі Ты ўбачыла, як Таго, хто невыказна зазьзяў з Цябе словам, беззаконныя людзі ўзьнесьлі на крыж, прыбіўшы цьвікамі рукі і ногі, далі піць яму воцат і жоўць, прабілі кап'ём бок. Плачучы па-матчынаму, Ты ўсклікнула: "Што гэта, Сыне мой, за новая тайніца?" Вярнуцца назад |