Галоўная > Мінэя - Люты > 1 лютага - Перадсьвяцьце Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста
1 лютага - Перадсьвяцьце Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста23 чэрвеня 2008. |
|
і сьвятога мучаніка Трыфана
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 4). Пачэсная сьвятыня рыхтуецца прыняць Госпада, які прыходзіць як немаўля і ласкаю духоўнаю праясьняе багалюбную грамаду верных, якая ўсклікае: "Ты, Слова, што стаўся дзіцяткам дзеля мяне, – слава, пахвала, упрыгожаньне і спаўненьне жаданьняў маіх". Сьветлы Хорам, найпачэсная Палата і прасторная Сьвятыня прыносіць у сьвятыню Госпада, дзе ўрачыста заручае Яго са сьвятой Царквой, і моліцца за вызваленьне ад тленнасьці тых, што няспынна славяць Яе, як існую Багародзіцу. Перадсьвяточную пахвалу Хрысту сёньня прынясем, славячы Ягоны зыход, бо вось Ён прыносіцца на руках Дзевы як немаўля і кладзецца на рукі Сямёна, заклікаючы ўсіх людзей і абагаўляючы іхнюю прыроду, як Дабрачынца і Госпад. (Тон 1). Усяхвальны Трыфане, ты стаўся ўдзельнікам нятленных нябесных асалодаў. Вялікія подзьвігі твае, слаўны, бо ты пацярпеў мучаніцкую сьмерць і быў сьведкам праўды. Цяпер маліся Хрысту дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Усяхвальны Трыфане, ты быў прасьветлены промнямі незаходнага Сьвятла. Не паддаўшыся змроку спакусы, ты Боскаю ласкаю перамог таго, хто трымаў у цемры сьвет. Цяпер маліся Хрысту дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня. Ты, блаславёны Трыфане, удастоіўся радасьці анёлаў. Адкінуўшы прынады гэтага сьвету сілаю духа, ты палічыў іх за нішто, пацярпеўшы мучаніцкую сьмерць. Маліся цяпер за душы нашыя. Слава ...: (Тон 2). Палічыўшы за нішто зямное, ты, блаславёны Трыфане, мужна стаў перад судом і ў змаганьні сваёй крывёю перамог гордага ворага, пацярпеўшы цялесныя мукі. Цяпер, мучаніку, не пераставай маліцца за збаўленьне душаў нашых. Цяпер ...: (Тон 2). Сёньня Сямён прымае на рукі свае Госпада Славы, якога раней на Сынайскай гары бачыў у хмары Майсей, калі Той даваў яму табліцы Закону. Ён той, які гаварыў праз прарокаў, Ён – Творца Закону. Ён той, якога Давід прадвясьціў – страшны для ўсіх і багаты на міласэрнасьць.
Вершапесьні (Тон 2). Успрымі, Сямёне, Госпада славы, бо вось Ён прыходзіць, як было прадвешчана табе Духам Сьвятым. Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго. Усячыстая Дзева ўваходзіць у сьвятыню, несучы на руках, як немаўля, Уладара і Творцу ўсіх. Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. Вялікая і страшная тайна, дзівосная на выгляд: Той, хто трымае ў абдымках сваіх усё і ўзгадоўвае немаўлят, як немаўля на руках прыносіцца. Слава ... цяпер ...: (Тон 2). Сьвятая Дзева прыносіць Сьвятога ў сьвятыню да сьвятара; Сямён, працягнуўшы рукі, прымае Яго і радасна ўсклікае: "Цяпер адпускаеш, Уладару Госпадзе, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго".
Адпушчальныя трапары Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Трыфан, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашы. Перадсьвяцьця (тон 1). Нябесныя хоры анёльскія, прыпаўшы да зямлі, бачаць, як Дзева Маці прыносіць у сьвятыню, як немаўля, Першароднага ўсяго стварэньня, і радасна з намі перадсьвяточную песьню пяюць.
Літургія Трапары Трапар перадсьвяцьця (тон 1). Нябесныя хоры анёльскія, прыпаўшы да зямлі, бачаць, як Дзева Маці прыносіць у сьвятыню, як немаўля, Першароднага ўсяго стварэньня, і радасна з намі перадсьвяточную песьню пяюць. Кандак перадсьвяцьця (тон 6). Слова, што нябачна з Айцом прабывае, сёньня стаецца бачным у целе, нарадзіўшыся ў невыказны спосаб ад Дзевы і даўшы сябе ўзяць на рукі старому сьвятару. Паклонімся Яму, як праўдзіваму Богу нашаму. Вярнуцца назад |